УЛАДЗІ́МІРА-ВАЛЫ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,

старажытнаруская дзяржава ў басейне верхняга і сярэдняга цячэння р. Зах. Буг і правых прытокаў верхняга цячэння р. Прыпяць у 10—12 ст. Сталіца — г. Уладзімір-Валынскі (цяпер Валынскай вобл. Украіны). Узнікла ў канцы 10 ст. на землях валынян як удзел Кіеўскай Русі. Першапачаткова тут княжылі сыны Уладзіміра Святаславіча, з 1-й пал. 11 ст. — нашчадкі Яраслава Мудрага. У канцы 11—1-й пал. 12 ст. Валынь неаднаразова была арэнай міжусобных войнаў і варожых уварванняў. У 1084—1100 (з перапынкамі) У.-В.к. валодаў Давыд Ігаравіч, які насуперак рашэнню Любецкага з’езда 1097 аб спыненні ўсобіц і размеркаванні ўладанняў-вотчын паміж князямі захапіў і асляпіў церабоўльскага кн. Васільку Расціславіча. Рашэннем Віцічаўскага з’езда князёў (1100) У.-В.к. перададзена тураўскаму і вял. кіеўскаму кн. Святаполку Ізяславічу, які пасылаў сюды княжыць сваіх сыноў. Адзін з іх, Яраслаў Святаполчыч, пасля смерці бацькі (1113) стаў фактычна незалежным ад Кіева правіцелем, але ў 1118 вял. кн. кіеўскі Уладзімір Манамах захапіў У.-В.к., і з 1119 у ім правіў яго сын Андрэй. Наступныя вял. кіеўскія князі таксама імкнуліся аддаць уладзіміра-валынскі прастол сыну або інш. бліжэйшаму сваяку. У 1134—54 ва У.-в.к. правіў Ізяслаў Мсціславіч. У 1-й пал. 12 ст. ў залежнасці ад У.-В.к. знаходзілася Гарадзенскае княства, у 2-й пал. 12 ст. — турава-пінскія князі; тады ж у яго склад увайшла Берасцейская зямля. З 2-й пал. 12 ст. У.-В.к. фактычна незалежнае. Найб. магутнасці яно дасягнула пры кн. Рамане Мсціславічу [1170—1205], які ў барацьбе з буйнымі феадаламі Валыні ўмацаваў княжацкую ўладу, а ў 1199 стаў таксама галіцкім князем, у выніку чаго ўтварылася адзінае Галіцка-Валынскае княства.

Літ.:

Котляр Н.Ф. Формирование территории и возникновение городов Галицко-Волынской Руси IX—XIII вв. Киев, 1985;

Майоров А.В. Галицко-Волынская Русь: Очерки социал.-полит. отношений в домонгол. период: Князь, бояре и городская община. СПб., 2001.

С.​В.​Пазняк.

т. 16, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)